Начало путешествия:
Конец путешествия:
Вандроўка на БАМ
Я працую інжынерам-тэхнолагам у Баранавіцкім вагонным дэпо. Працую ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Яшчэ ў студэнцкія часы ў мяне з'явілася цяга да падарожжаў па чыгунцы. Маючы права штогод выпісваць два білеты на праезд у цягніках (па СНД і па Беларусі), я карыстаюся такой магчымасцю і падчас водпуску накіроўваюся ў новы раён на абшары краін СНД, а таксама наведваю аддаленую станцыю на карце Беларускай чыгункі.
Мінулай восенню я ажыццявіў паездку па Байкала-Амурскай магістралі. Паглядзець БАМ было ў маіх больш позніх планах, пасля таго, як пусцяць цягнікі да Якуцка. Але неяк у снежаньскім нумары «Гудка» у 2013 годзе я наткнуўся на заметку пра цягнік Тында — Камсамольск-на-Амуры, які з прычыны стратнасці збіраліся адмяніць. Пры ўводзе летняга раскладу руху цягнікоў 2014 года ён застаўся. І я вырашыў не адкладваць паездку на БАМ, бо цягнік № 364 Тында — Камсамольск-на-Амуры — адзіны, які курсіруе па ўсходняй частцы гэтай магістралі.
Спачатку я думаў праехаць увесь БАМ туды-назад на цягніках Масква — Нерунгры і Тында — Камасамольск-на-Амуры. Але прагледзеўшы расклад руху, убачыў, што на перасадку ў Тындзе прыходзіцца ўсяго паўтары гадзіны. Тады я вырашыў ехаць на ўсход па Транссібе да Хабараўска, а там дабрацца да Камсамольска-на Амуры і ехаць назад па БАМе.
З Масквы выехаў у суботу 27 верасня «двойкай» Масква-Уладзівасток. У першыя суткі паездкі наш плацкартны вагон быў запоўнены цалкам. У 2 гадзіны ночы шмат пасажыраў выйшла ў Кіраве, але на іх месцы адразу селі іншыя, многія з дзецьмі. І гэта сярод ночы! Няўжо на такім бойкім маршруце не хапае цягнікоў? Але пасля Цюмені насельніцтва ў вагоне значна паменьшала і ад Байкала да Белагорска ў Амурскай вобласці вагон быў амаль пусты.
Гарады Урала і Сібіры я ўжо бачыў у час папярэдніх паездак на Байкал і ва Ўладзівасток. Зацікаўленасць выклікала Чыта, якую у 2010 годзе я праязджаў уначы. Вакзал у сталіцы Забайкальскай чыгункі невялікі, але ўтульны і дагледжаны. Ехалі мы па Забайкаллі марудна, з частымі прыпынкамі. На пуцях працавалі магутныя машыны некалькіх ПМС, а таксама шматлікія асобныя брыгады пуцейцаў. У выніку наш цягнік паступіў на Далёкаўсходнюю чыгунку са спазненнем на некалькі гадзін. У 2010 годзе, калі я ехаў ва Ўладзівасток, на Забайкальскай чыгунцы таксама была затрымка руху, але не такая вялікая.
У Белагорску у вагон зноў зайшло шмат пасажыраў і апошнюю ноч перад Хабараўскам мы ехалі ў цеснаце.
На світанні 3 кастрычніка цягнік па вялікім мосце пераправіўся праз Амур і з адставаннем ад графіка на паўтары гадзіны прыбыў ў сталіцу Далёкага Ўсходу горад воінскай славы Хабараўск. У горадзе я прабыў цэлы дзень. Надвор'е стаяла цудоўнае: з раніцы было +5º, у сярэдзіне дня тэмпература ўзнялася да +20º. Увогуле, восень — лепшая пара года на Далёкім Ўсходзе. Сфатаграфаваўшы вакзал і Ерафея Паўлавіча Хабарава (помнік), я па Амурскім бульвары дакрочыў да набярэжнай Амура. Там на высокім ўцёсе стаіць помнік графу Мураўёву-Амурскаму, які ў 1858 годзе падпісаў з кітайскім бокам дамову аб расійска-кітайскай мяжы па рацэ Амур. Не далёка ад таго месца пастаўлены помнік і капітану Я. Дзьячэнку, пад камандаваннем якога 31 мая 1858 года салдаты 13-га Усходне-Сібірскага лінейнага батальёна заснавалі ваенны пост Хабараўку. У 1880 годзе ваенны пост атрымаў статус горада, які ў 1893 годзе перайменавалі ў Хабараўск. Каля набярэжнай разбіты прыгожы парк, які носіць імя Мураўёва-Амурскага. Не далёка ад Амура нядаўна ўзняўся і Спаса-Прэабражэнскі кафедральны сабор, які з'яўляецца трэцім па велічыні ў Расіі пасля храма Хрыста Збаўцы ў Маскве і Ісакіеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу. Удалося мне сфатарафаваць таксама будынкі упраўлення Далёкаўсходняй чыгункі (узведзенага ў 1941 годзе), і Далёкаўсходняга дзяржаўнага ўніверсітэта шляхоў зносін.
Вечарам я сеў у цягнік Хабараўск — Камсамольск-на-Амуры і раніцай прыбыў у «горад юнацтва», як некалі казалі. Па прыездзе там было даволі некамфортна: туман, тэмпература паветра ніжэй за нуль. Але ўдзень пацяплела да 15-18º. Пачакаўшы на вакзале, пакуль узнімецца сонца, я прайшоў па праспекце Першабудаўнікоў да Амура. Пляцоўка каля рачного вакзала з фантанам і помнікам першабудаўнікам горада адрэстаўравана, але сама набярэжная Амура не рамантавалася ад савецкіх часоў і мае занядбаны выгляд. Я прайшоў па цэнтральных вуліцах. Яны шырокія, але нейкія паўпустыя. Каб перайсці праезную частку на светлафор, патрэбна шмат часу.
Вечарам я заняў месца ў вагоне цягніка Ўладзівасток — Савецкая Гавань і раніцай апынуўся на ст. Ваніна-вакзал. Ст. Ваніна-порт — гэта канцавы пункт Байкала-Амурскай магістралі. Два гады таму адкрыўся новы Кузняцоўскі тунэль і цяпер колькасць грузавых цягнікоў у напрамку да Ціхага акіяна ўзрасла. Раніцай у Ваніне было +5º, а к сярэдзіне дня пацяплела да +20º. Я прайшоў па шашы ўздоўж Ванінскай бухты. Была нядзеля 5 кастрычніка, але работа ў порце кіпела. Порт з шашы добра відаць (бо пасёлак Ваніна стаіць на скале і люстэрка бухты знаходзіцца ніжэй). Але падысці да вады немагчыма: бухта абкружана партовымі збудаваннямі. Наўпрост ад вакзала ўгору падымаецца цэнтралаьная вуліца пасёлка, на якой стаяць роўна на адной лініі тры маякі. Верхні маяк знаходзіцца на даху адміністрацыйнага будынка. Я пахадзіў па вуліцах пасёлка, сфатаграфаваў паклонны крыж з цытатамі з «Рэквіема» А. Ахматавай і з песні пра Ванінскі порт. Паклонны крыж устаноўлены ў памяць аб ахвярах масавых палітычных рэпрэсій 30-50-х гадоў. Побач стаіць і помнік легендарнаму камандзіру падводнай лодкі С-13 А. Марынеску, які так сама адбываў пакаранне ў 1950-51 гадах у порце Ваніна за сфабрыкаванае злачынства.
Вечарам я выехаў з Ваніна назад у Камсамольск-на-Амуры. Спачатку ў вагоне было вельмі шумна — ехала шмат ванінскіх школьнікаў на спартыўныя спаборніцтвы ў Камсамольск, але потым усё супакоілася.
Раніцай я выйшаў на камсамольскім вакзале і правёў яшчэ адзін дзень у гэтым горадзе. Сфатаграфаваў будынак Камсамольскага аддзялення Далёкаўсходняй чыгункі. Дакладней, не аддзялення, а рэгіёна, бо структура ўпраўлення ў РЖД змянілася. Прайшоў міма палаца культуры чыгуначнікаў, які здаецца ў арэнду розным арганізацыям і мае даволі сумны выгляд. Такі самы выгляд і ў сквера, дзе стаіць палац.
Вечарам я выехаў з Камсамольска ў Тынду. У складзе цягніка № 363 6 вагонаў: 3 купэйных, 2 плацкартных і 1 агульны. Але адзін з іх прычапны да Новага Ургала. Пасля гэтай станцыі ў цягніку застаўся толькі адзін плацкартны вагон, але і ў ім палова месцаў была свабоднай. На Ўсходнім БАМе станцый толькі лічаныя адзінкі. У асноўным, на лініі стаяць будынкі раз'ездаў аднаго тыпу. На некаторых раз'ездах выходзілі дзяжурныя на перон, але большасць з іх закрытыя. Перад ст. Феўральск пайшоў снег (7 кастрычніка). Цікава, калі я ехаў у 2010 годзе з Уладзівастока, так сама першы снег убачыў у гэту пару, у ноч з 7 на 8 кастрычніка. Пейзаж на Ўсходнім БАМе аказаўся аднастайным, нецікавым. Пасля ст. Феўральск на працягу многіх кіламетраў з-пад снегу прабіваўся дым — тлелі тарфянікі. Я раней думаў, што лясныя пажары ў Забайкаллі бываюць толькі ў канцы вясны.
Дарога з Камсамольска да Тынды заняла дзве ночы і дзень. Раніцай 8 кастрычніка я прыехаў у «сталіцу БАМа» горад Тынду. Пры вахадзе з вагона пасажыраў апёк мароз -11º, але снегу тут не было. Я пасядзеў гадзіны паўтары на вакзале, паглядзеў па тэлевізары праграму «РЖД ТВ». Потым выйшаў на прывакзальную плошчу, сфатаграфаваў арыгінальны будынак вакзала ў выглядзе гіганцкай птушкі, паравоз, будынкі вучэбнага цэнтра і Тындзінскага рэгіёна Далёкаўсходняй чыгункі. Па пешаходным мосце я перайшоў праз раку Тында і апынуўся ва ўласна горадзе. Горад будавалі масквічы. Адна з цэнтральных вуліц атрымала назву Чырвоная Прэсня. На ёй знаходзяцца чатыры 16-павярховыя будынкі, выгляд якіх стаў візітнай карткай горада. Зайшоўшы ў некалькі магазінаў, каб пагрэцца (к абеду тэмпература паднялася да -8º), я прыйшоў на вакзал.
У 13 гадзін па мясцовым часе я сеў ў плацкартны вагон цягніка № 75 Нерунгры — Масква. Цягнікі №№ 363, 75 тындзінскай прыпіскі. Вагоны ў іх не новыя, без біятуалетаў, з драўлянымі аконнымі рамамі. Пасля выезду з Тынды надвор'е стаяла сонечнае, у вагоне было камфортна. Але паклаўшыся спаць, я адчуў моцны подых паветра з акна, таму прыйшлося перакласці падушку да прахода.
На працягу першага дня мы даехалі да ст. Хані. Хані — адзіная бамаўская станцыя на тэрыторыі Якуціі і самая заходняя ў складзе Далёкаўсходняй чыгункі. За ёй пачынаюцца ўладанні чыгункі Ўсходне-Сібірскай. Пейзаж на захад ад Тынды змяніўся, па баках ад чыгуначнага палатна з'явіліся каменныя сопкі. Сталі трапляцца станцыі, вялікія будынкі якіх нагадвалі палацы.
Раніцай наступнага дня цягнік зрабіў працяглы прыпынак на ст. Таксімо. Ст. Таксімо — канцавы пункт на БАМе, куды дайшла электрыфікацыя. Далей на захад наш цягнік павёў электравоз.
Неўзабаве пасля Таксімо пейзаж за акном стаў вельмі маляўнічым. «Маё» акно знаходзілася з паўднёвага сонечнага боку. Таму прыйшлося амаль увесь дзень 9 кастрычніка правесці ля акна у калідоры, фатаграфуючы прыгожыя горныя краявіды. Маляўнічы ландшафт суправаджаў нас да самага вечара.
Наступныя тры дні да Масквы цягнік імчаў па знаёмых мне мясцінах.
Самыя яркія ўражанні ў падарожжы на мяне зрабіла прырода заходняга бурацкага ўчастка БАМа. Я не чакаў убачыць такія віды з вагоннага акна, таму застаўся вельмі задаволены вандроўкай.